Гульня з мячом «Скажы па-беларуску» «Перакладчыкі» / «Растлумач слова»)
(для старшай групы ў рамках штотыднёвай тэматычнай акцыі “Скарбонка роднага слова”: чужаземец, насельніцтва, тутэйшы)
Мэта: пашыраць і актывізаваць слоўнік дзяцей паняццямі патрыятычнай накіраванасці; вучыць разумець сэнс беларускіх слоў і падбіраць да іх адпаведнікі.
Ход гульні:
- Пераклад з рускай мовы (вядучы кідае мяч і называе слова па-руску, дзіця вяртае мяч і кажа па-беларуску):
- иностранец — чужаземец (той, хто прыехаў з чужой, іншай краіны)
- население, жители — насельніцтва (усе людзі, якія жывуць у горадзе, вёсцы ці краіне)
- местный — тутэйшы (той, хто жыве тут, на гэтай зямлі; мясцовы жыхар)
- «Адгадай па тлумачэнні» (калі дзецям цяжка адразу перакласці):
Выхавальнік кідае мяч і тлумачыць значэнне, а дзіця называе патрэбнае беларускае слова:- «Чалавек, які прыехаў да нас з іншай, далёкай краіны» — чужаземец.
- «Усе людзі, якія жывуць у нашай Беларусі» — насельніцтва.
- «Чалавек, які нарадзіўся і жыве менавіта ў нашым горадзе (вёсцы)» — тутэйшы.
Дадатковыя словы з гэтай жа «скарбонкі» (для працягу гульні):
- родина — Радзіма
- земляк — зямляк
- край, местность — мясцовасць
- предки — продкі
- гостеприимство — гасціннасць
ТАЯМНІЦЫ ЗМЕШАНАГА ЛЕСУ
(вандравання па экалагічнай сцежцы ў старшай групе)
Мэта: пашырэнне ведаў дзяцей аб прыроднай разнастайнасці Беларусі праз даследчую дзейнасць; фарміраванне маўленчай культуры на аснове акцыі «Скарбонка роднага слова».
Задачы:
- Сфарміраваць паняцце пра «змешаны лес» (суіснаванне іглічных і лісцевых дрэў) і яго структуры (ярусы, гушчар).
- Развіваць навыкі назіральнасці, уменне параўноўваць, аналізаваць і рабіць высновы (ігліца/лісце, кара, шышкі).
- Актывізаваць у маўленні беларускія словы «яліна», «зязюля», «гушчар» у кантэксце прыродазнаўства.
Абсталяванне: план-схема экалагічнай сцежкі («карта вандроўнікаў»), лупы для разгляду ігліцы і кары, аўдыязапіс галасоў птушак, прыродны матэрыял (шышкі яліны і хвоі).
(Дзеці збіраюцца каля пачатку экалагічнай сцежкі. Выхавальнік паказвае карту)
Выхавальнік: Родная прырода падрыхтавала для нас чарговую загадку. Сёння маршрут нашай экалагічнай сцежкі вядзе на станцыю «Дэндрарый змешанага лесу». Мы патрапім у мадэль сапраўднага беларускага змешанага лесу. Чаму яго так называюць?
Дзеці: Таму што там разам растуць розныя дрэвы — і лісцевыя (бяроза, дуб, клён), і іглічныя (хвоя, яліна).
Станцыя «Гушчар» (Даследаванне ярусаў лесу)
(Выхавальнік падводзіць дзяцей да месца, дзе кусты і дрэвы растуць вельмі шчыльна)
Выхавальнік: Паглядзіце на гэты куток. Як нізка тут перапляліся галіны, як блізка стаяць кусты. У народзе такое густое, непраходнае месца называюць — гушча́р. Давайце вымавім гэтае слова выразна.
Дзеці: Гушчар.
Выхавальнік: Якія ярусы лесу ўтвараюць гушчар? Што расце ніжэй за ўсё, а што вышэй?
Дзеці: Знізу трава і мох, потым кусты, а вышэй за ўсё — высокія дрэвы.
Выхавальнік: Як вы лічыце, каму ў гушчары жывецца добра? Хто там можа схавацца?
Дзеці: Дзікія жывёлы (зайцы, вожыкі), птушкі будуюць там гнёзды, бо чалавеку ці драпежніку туды цяжка дабрацца.
Станцыя «Яліна-каралева» (Лабараторыя пад адкрытым небам)
(Дзеці падыходзяць да дарослай яліны ў дэндрарыі)
Выхавальнік: Вось і галоўная прыгажуня нашага змешанага лесу — высокая, велічная ялі́на. Давайце разгледзім яе як сапраўдныя навукоўцы.
Даследаванне 1 (Форма і крона): Чаму ніжнія галіны яліны спаўзаюць да самай зямлі, а на верхавіне яны кароткія? На якую геаметрычную фігуру падобная яліна? (На трохкутнік). Гэта дапамагае ёй скідаць лішні снег зімой, каб галіны не ламаліся.
Даследаванне 2 (Ігліца праз лупу): Дзеці бяруць лупы і разглядаюць галінку. Чым ігліца яліны адрозніваецца ад ігліцы хвоі? (Ігліцы яліны кароткія, вострыя, размешчаны па адной, а не парамі, цалкам пакрываюць галінку).
Даследаванне 3 (Кара і шышкі): Дзеці параўноўваюць шышкі. Каля яліны знаходзяць яловую шышку (яна доўгая, падоўжаная), параўноўваюць яе з круглай хваёвай.
Выхавальнік: Яліну ў Беларусі называюць музычным дрэвам. Як вы думаеце, чаму? (Дзеці разважаюць). З яе драўніны робяць лепшыя музычныя інструменты — скрыпкі і цымбалы.
Экалагічная гульня-дыялог «Што кажа зязюля?»
(Раптам з вышыні яліны чуецца аўдыязапіс голасу птушкі: «Ку-ку! Ку-ку!»)
Выхавальнік: Якая птушка падала голас з высокай яліны?
Дзеці: Кукушка.
Выхавальнік: А па-беларуску — зязю́ля. Яна вярнулася ў наш змешаны лес. Зязюля — птушка таямнічая. Усе ведаюць, што яна не будуе сваіх гнёздаў. Дзеці, а ці ведаеце вы, якую вялікую карысць яна прыносіць лесу?
Дзеці: Яна есць вусеняў.
Выхавальнік: Правільна! Зязюля — адзіная птушка, якая знішчае валасатых вусеняў. Іншыя птушкі іх не ядуць, бо гэтыя вусені атрутныя. Вось так зязюля ратуе наш гушчар ад гібелі.
Рухома-маўленчая гульня «Лясныя жыхары»
Дзеці становяцца ў кола. Выхавальнік называе словы.
Калі дзеці чуюць «яліна» — паказваюць рукамі трохкутную крону і стаяць нерухома.
Калі чуюць «зязюля» — махаюць рукамі-крыламі і кажуць «Ку-ку!».
Калі чуюць «гушчар» — бяруцца шчыльна за рукі і робяць кола вельмі вузкім.
Выхавальнік: Наша карта паказвае, што мы прайшлі ўвесь маршрут. Што новага вы даведаліся пра сувязі ў змешаным лесе? Калі знікне гушчар, што адбудзецца з птушкамі? Якія тры беларускія словы мы паклалі сёння ў нашу «Скарбонку роднага слова»?
Дзеці: Яліна, гушчар, зязюля.
(Вяртанне ў групу. У якасці дамашняга задання або працы ў кутку прыроды дзецям прапануецца замаляваць схему ярусаў змешанага лесу або зрабіць прыродную калекцыю шышак).
Літаратура:
- Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі.- Мінск: НІА, 2024
- Дубініна, Д.М.Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору: дапаможнік для педагогаў устаноў дашк. адукацыі / Д.М.Дубініна.- Мінск : Новое знание, 2016.-208 с.
- Дубініна, Д.М.Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапаможнік для педагогаў устаноў дашк. адукацыі / Д.М.Дубініна, А.А.Страха, Д.У. Дубінін..-Мазыр : Белы Вецер, 2014-2016.-133, (3) с.
- “Мой родны кут…” : зб. метадычных матэрыялаў па патрыятычным выхаванні дзяцей дашк. узросту : у 2 ч. / склад.В.В.Мініна.-Мазыр : ТАА ВД “Белы Вецер”, 2007.-155, (1) с.- (Серыя “Выхоўваум грамадзяніна”
- Пралыгіна, Н.В. Гутаркі-размоўкі пра родную старонку : дыдакт. матэрыял для педагогаў ўстаноў дашк. адукацыі і 1-й ступрені агул. сярэд. адукацыі з рус. і беларус. мовамі навучання / Н.В.Пралыгіна.- 2-е выд., выпр.-Мінск : Новое знание, 2016.- 56 с.
- Старжынская, Н.С.Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў ад 5 да 7 гадоў: вучэб.нагляд. дапаможнік для педагогаў устаноў дашк. адукацыі з рус. мовай навучання / Н.С.Старжынская, Д.М.Дубініна.- Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2016.-40 с.:іл.

КАРАНІ СЯМ’І
Размова – гульня для дзяцей сярэдняга ўзросту
Абсталяванне: макет сялянскай беларускай хаткі.
Выхавацель: дзеці, сёння мы апынёмся у сялянскай хатцы. Вось гэта макет хаты, у якой раней жылі вясковыя людзі (Знаёмства з хаткай, дзеці разглядваюць абсталяванне хаткі, прадметы побыту).
Дзецям прапануюцца лялькі- мотанкі, якія выконваюць ролю свякоў (бацькі, маці, дачушкі)
— Дзеці, паглядзіце, якая прыгожая хатка ў нас ёсць! Гэта не проста хата, гэта цёплы і ўтульны дом, дзе жыве адна вельмі дружная сям’я. Давайце зазірнем у гэтую хатку. Як вы думаеце, хто тут жыве?
(Дзеці выказваюць думкі: тата, мама, дзеці).
Выхавацель звяртае увагу на інтэр’ер макета (печ, стол, лаўкі, калыска і г.д.).
Пра маму: «Паглядзіце на гэтую прыгожую печ (ці кухню) у хатцы. Хто тут звычайна гатуе самыя смачныя аладкі ці суп? Канечне, мама! Мама клапоціцца, каб у хаце было цёпла і смачна пахла. А як вашы мамы клапоцяцца пра вас?» ( дзеці адказваюць, выкарыстоўваючы беларускія словы, назвы страў).
Пра тату: «А вось каля хаты стаіць плот, ці моцны драўляны стол. Хто ў хаце самы моцны, дужы, хто можа адрамантаваць цацку, змайстраваць нешта або абараніць сям’ю? Гэта тата. Што вы любіце рабіць разам з татам?» ( дзеці адказваюць, выкарыстоўваючы беларускія словы, якія абазначаюць прылады працы і тыя работы, якія робіць тата ).
Сваякі — дзядуля і бабуля (Карані сям’і)
Дастаем або паказваем на фігуркі старэйшых сваякоў.
— Глядзіце, а на самай цёплай лаўцы каля печы сядзяць дзядуля і бабуля. Гэта бацькі вашых таты і мамы! Яны жывуць вельмі даўно і ведаюць шмат казак і гісторый.
Гульнявое заданне: «Давайце пакажам, як мы дапамагаем бабулі і дзядулю. Калі яны прыходзяць у хату, што мы ім паднясем? (Лаўку/услончык, каб прысесці, кубак гарбаты)».
Пытанне да дзяцей: «А якія лагадныя словы вам кажа бабуля? Чым вас частуе дзядуля?» (Адказы дзяцей)
Браты, сёстры, дзядзькі і цёткі (Вялікі род)
Пашыраем прастору вакол макета.
У гэтую хату часта прыязджаюць госці! Вось прыйшлі дваюрадныя браты і сёстры, прыехалі дзядзька і цётка. Гэта ўсё — нашы сваякі, адна вялікая сям’я, як галінкі на адным моцным дрэве. Калі ўсе збіраюцца разам у хаце, становіцца вельмі весела!
Што вы робіце, калі да вас прыязджаюць у госці сваякі? (Гуляем, святкуем, дапамагаем адзін аднаму).
«Чароўны дах» (Замацаванне)
Выхавацель кладзе рукі над макетамі хаты ў выглядзе даху і прапануе дзецям зрабіць так.
Наша хатка моцная, таму што ў яе ёсць дах, які абараняе ад дажджу і ветру. Так і нашы бацькі і сваякі — гэта наш дах і наша абарона. Яны нас любяць, шкадуюць і заўсёды чакаюць дома.
